БЕЛАРУСКІ САЮЗ ДЫЗАЙНЕРАЎ быў створаны рашэннем устаноўчага з'езда 14 снежня 1987 года.
БСД – рэспубліканскі творчы саюз, які аб'ядноўвае больш за 600 спецыялістаў у галіне індустрыяльнага і графічнага дызайну, праектавання малых форм, інтэр'ераў і абсталявання, рэкламы, арт-дызайну, мадэльераў, педагогаў і тэарэтыкаў дызайну.
"Беларускі саюз дызайнераў" - сябра міжнароднай асацыяцыі "Саюз дызайнераў" і асацыяцыі грамадскіх аб'яднанняў "Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў".
Асноўныя мэты саюза - развіццё і прапаганда творчай дзейнасці дызайнераў, абарона аўтарскіх правоў, прафесійных, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў; павышэнне эфектыўнасці ўкладу дызайну ў развіццё культуры і эканомікі рэспублікі Беларусь.
Сябры Саюза прадстаўлены ў галіновых мастацкіх саветах, у журы прафесійных конкурсаў і фестываляў, камісіях па прысуджэнні прэмій. Саюз актыўна супрацоўнічае з міністэрствамі культуры і інфармацыі, перыядычнымі выданнямі, замежнымі культурнымі арганізацыямі і пасольствамі.
Сябры БСД мелі персанальныя выставы ў розных гарадах свету і ўнеслі вялікі ўклад у стварэнне школы савецкага і беларускага плаката. Многія работы нашых майстроў перамагалі ў прэстыжных міжнародных конкурсах і фестывалях і прадстаўлены ў самых вядомых музеях плаката ў Варшаве, Лахці, Брно, Таяме, Нью-Йорку, Мехіка, Лондане і Луўры. На сусветнай выставе ў Гановеры цэнтральнае месца ў беларускай экспазіцыі займала канцэптуальная распрацоўка членаў Саюза "Проект Века".
Выдавецкія праекты БСД - "Даведнік БСД", каталог "Знак. Лагатып", выданне "PROдызайн" - адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі рэспубліканскага конкурсу "Мастацтва кнігі".