На добры ўспамін пра незавершаны мінулы час
Аўтарскія беларускія паштоўкі ХХ стагодзьдзя
Першыя зь першых
Паштоўкі з мастацкімі выявамі беларускіх сюжэтаў зьявіліся напрыканцы 1860-х гадоў у расейскіх выдавецтвах. Перадусім – з рэпрадукцыямі “Беларускіх малюнкаў” слыннага скульптара і ілюстратара Міхаіла Мікешына, які часта адведваў родны край, робячы тут багата натурных замалёвак. “Вастру сваю зброю — аловак — і зноў хачу славіць сваю “Эльвіру”, сваю радзіму — Беларусь”, — пісаў ён. Нізка ягоных малюнкаў, зробленых у Клімавічах, ці ў іх ваколіцах: «Беларуская дзяўчына», «Жанiх i нявеста», «Дзед i баба», «Банкiр i шляхцiч» ды багата іншых, у 1860-я гады шырока рэпрадукаваліся ў тагачасным друку, а некаторыя выходзілі прынагодна паасобнымі паштоўкамі. Вялікую вядомасць пренеслі Міхаілу Мікешыну ня толькі грандыёзныя манумэнты ў Пецярбурзе, Ноўгарадзе і Кіеве, але і ілюстрацыі, што лічыліся ўзорнымі, да твораў Пушкіна і Гогаля, паасобныя з якіх выходзілі ў розных друкарнях аўтарскімі паштоўкамі. Творы гэтага выбітнага масткака -- карціны, акварэлі, малюнкі, літаграфіі рознага ўзроўню выканання і разнастайнай тэматыкі ў выглядзе паштовак былі шырока вядомыя па ўсёй імпэрыі. Фактычна – Мікешын – першы мастак з Беларусі, які запачаткаваў гэты жанр, яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі.
У 1906 пецярбурская суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» выдала першую, уласна беларускую, паштоўку, у гонар Янкі Лучыны, дзе побач з партрэтам паэта былі зьмешчаныя радкі яго твора. Ад часу заснаваньня суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” выдала агулам звыш двух дзесяткаў паштовак сярод якіх былі й маляваныя – “Вінцук Марцінкевіч”, “Двор Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне», «Апостал Скарыны» ды інш.
“Таварыства імя Францыска Скарыны», якое каля 1915 года выдала паштоўкі і плакаты з выявай беларускага кнігадрукара. Наогул, матывы старадрукаў -- “Беларуская Біблія”, “Беларускае Евангелле”, “Беларускі псалтыр” – самая значная частка беларускіх ілюстраваных паштовак пачатку ХХ стагодзьдзя, у аздобе якіх выкарыстоўваліся старасвецкія матывы. Унікальная паштоўка невядомага аўтара з выяваю беларускіх дзяцей ды надпісам “Белоруссы” ў пачатку ХХ ст. выйшла ў Парыжы.
Асобную групу аўтарскіх мастацкіх паштовак, на якіх, на жаль, не заўсёды пазначаны аўтары, складаюць нямецкія паштоўкі часоў Першай Сусьветнай вайны, на якіх выяўлены беларускія краявіды і жанравыя сцэнкі. Ад часу той вайны наш беларускі свет падзяліўся напалам. Па заходні бок па-ранейшаму выдаваліся паштоўкі з рэлігійнай і нацыянальна-вазваленчай тэматыкай, па ўсходні – нарастала савецкая тэматыка.
Натуральна, першыя ж мастацкія паштоўкі Беларускай Народнай Рэспублікі адлюстроўвалі нацыянальную сымболіку. Варта тут згадаць славутую бэрлінскую паштоўку з гербамі беларускіх гарадоў і выдадзеную ў Коўне Беларускім таварыствам імя Ф. Скарыны, паштоўкі з Нацыянальным беларускім штандарам. Былі паштоўкі БНР з партрэтамі беларускіх дзеячаў -- Цёткі, Алеся Гаруна, Івана Луцкевіча. У 1922 годзе, пасля Рыжскага міру, у Бэрліне выйшла чорна-белая паштоўка на якой выяўлена жаночая постаць, якая нясе крыж з надпісам "Беларусь". Яе бізуном паганяе польскі пан, трымаючы ланцуг, да якога прывязана жанчына. На паштоўцы – толькі манаграма мастака і дата.
Са сканчэньнем савецка-польскай вайны матывы і вобразы беларускіх паштовак сталі больш разнастайнымі, але па-ранейшаму ў іх прэваляваў нацыянальна-вызваленчы патас. Цэнтральнае бюро аб’яднаньня беларускіх пісьменьнікаў “Маладняк” выдадавала ілюстраваныя паштоўкі з патрэтамі Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Скарыны ды інш. Наогул, 1920-яя гады – эпоха росквіту мастацкіх паштовак у Беларусі, што выдаваліся рознымі выдавецтвамі і арганізацыямі – Беларускі Чырвоны Крыж, Беларускае кіраўніцтва сувязі, Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, краязнаўчыя таварыствы, рэдакцыі газэтаў.
У Заходняй Беларусі “Беларускае выдавецкае Таварыства імя Ф. Скарыны” ды іншыя выдавецтвы нацыянальных беларускіх арганізацыяў выдавалі ня толькі паштоўкі з партрэтамі класікаў беларускае культуры розных часоў, але і з аўтарскімі малюнкамі і рэпрадукцыямі твораў беларускіх мастакоў. Выдавецтва беларускага студэнцкага саюзу ў Вільні выдала ў выглядзе паштовак рэпрадукцыі карцінаў Язэпа Драздовіча "Пажар гарадзішча", Пётры Мірановіча "Зіма на Дзьвіншчыне", " Бура" і Пётры Сергіевіча "У буру" і "Жыцьцё". Багата ў міжваенны час друкавалася паштовак у прыватных выдавецтвах розных гарадоў – Горадні, Вільні, Слоніма, Горадні, Навагардка. Напрыклад, у Пінску ў 1939 годзе пасьпелі выдаваць цэлую нізку з шасьці паштовак паводле малюнкаў пінскага мастака Івана Дзіміча, на якіх былі адлюстраваныя помнікі даўніны, гарадскія краявіды, вясковая хата і палескі поплаў.
Выдавалі ў міжваенны час паштоўкі і беларусы Латвіі, кшталту выявы карты, дзе паказаны стан беларускай меншасьці ў Латгаліі. Ад 1920-х гг. зьяўляліся беларускія паштоўкі і ў Чэхаславаччыне, кшталту выдадзенай у Празе -- “Беларускі сакол” з надпісам “Жылі раней і будзем жыць заўсёды”. Дарэчы, падчас Другой сусветнай вайны тамсама, у Празе, Беларускі камітэт самапомачы выдаў нізку 15 паштовак “Краявіды Беларусі” з фатаздымкамі Яна Булгака.
Сярэдзіна мінулага стагодзьдзя
У паваенны час мастацтва паштовак пержывала супярэчлівы перыяд, дзе з аднаго боку былі магутныя паліграфічныя магчымасьці, што дазваляла выдаваць вялізарныя наклады, а зь іншага – адбывалася няўхільная ўніфікацыя вобразаў і тэмаў, іх несупыннае клішаваньне. Да 1960-х гадоў беларускія паштоўкі з патрэтамі дзеячоў культуры, савецкай улады, гэрояў вайны, з выявамі помнікаў гісторыі культуры выходзілі ў друкарнях Кіева (выдавецтва “Містецтво”), Ленінграда (выдавецтва “Аврора”) і ў самых розных выдавецтвах Масквы. Часта савецкія выдавецтвы выдавалі ў выглядзе паштовак рэпрадукцыі беларускіх мастакоў, напрыклад – “Беларускі краявід” (1947) Георгія Ніскага, “Партызаны ў разведцы”(1948) Яўгена Ціхановіча, “Герой Савецкага Саюза Ф. Ф. Дуброўскі” (1948) Фёдара Мадорава ды іншыя…
З канца 1950-х у Беларусі паштоўкі, у тым ліку і аўтарскія, пачалі выдаваць у Дзяржаўным выдавецтве БССР, выдавецтвах “Звязда” і, ад 1963 году -- “Беларусь”. Матывамі паштовак станавіліся й адмысловыя, «паштовачнага» кшталту творы графікі ці акварэлі. Напрыклад, акварэлі сярэдзіны 1950-х гадоў віцебскага мастака Давіда Геніна «Новы Мінск. Вуліца Горкага”, “Краявіды Беларусі”, “Чэрвень”, “На мосьце” ды іншыя былі выдазеныя асобнымі паштоўкамі Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Асобна выдаваліся паштоўкі, з падобнымі ж сюжэтамі, Рыгора Клікушына, яшчэ аднаго мастака зь Віцебска, узорамі для якіх сталіся ягоныя лінарыты. У 1960-я гады, ў Беларусі, разам з разьвіццём друкарскай справы і ва ўмовах адноснае лібэралізацыі відавочна вырасла паліграфічная якасьць паштовак, а перадусім – іх мастацкі ўзровень.
На эміграцыі, па старой традыцыі выходзіла багата аўтарскіх паштовак на рэлігійную тэматыку, да Калядаў і Вялікадня, патасныя паштоўкі на нацыянальна-вызваленчыя матывы, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, Пагонямі і мапамі страчаных беларускіх земляў. Цікава, што і на эміграцыі вялікую ўвагу надавалі нацыянальнаму пантэону – выходзілі паштоўкі зь дзеячамі культуры і гісторыі, тымі ж самымі, што выходзілі ў СССР. Большую частку аўтарскіх беларускіх паштовак на Захадзе рабілі творцы-аматары, але ў гэтым жанры працавалі і творцы, якія атрымалі на Захадзе мастацкую адукацыю – напрыклад, добра вядомыя аўтарскія паштоўкі працы Івонкі Сурвілы, якая атрымала прафесійную адукацыю ў Парыжы, Пётры Мірановіча, які адвучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Рызе, Віктара Жаўняровіча, Галіны Русак, Мікалая Пашкевіча, Дзьмітрыя Чайкоўскага.
Паводле тэматыкі аўтарскія паштоўкі на эміграцыі выразна падзяляюццаі на рэлігійныя й свецкія. Багата было Калядных і Велікодных, з выявамі святых, напрыклад -- Эўфрасінні Полацкай, абразоў, з выявамі храмаў. Сярод свецкіх сюжэтаў аўтараскіх паштовак на Захадзе былі выявы гарадоў, архітэктурных помнікаў, краявідаў Беларусі, з нацыянальнай сымболікай.
Ад 1960-х гадоў і ў БССР тымчасам асобную тэматычную плынь аўтарскіх паштовак складала адлюстраваньне нацыянальнага калярыту, але і адзінства савецкіх рэспублік-сёстраў. Адметнасьць адной з 15 «сёстраў» магла выяўляцца праз сьцяг рэспублікі альбо праз народны касцюм. Падобных матываў у БССР было безьліч, падпісных і безыменных. Узорам тагачаснай увагі да культуры “нацыянальнай па форме” можа быць мастацкая паштоўка Янка Купала” створаная ў суааўтарстве Янкам Раманоўскім і Васілём Харэўскім у 1962 годзе. Тут апроч характэрнага рэалістычнага партрэта песьняра, зробленага Раманоўскім з натуры, мы бачым Купалаўскі аўтограф і каліграфічныя даты жыцьця, устаўленыя ў матыў арнамэнтальнай стужкі… У гэтым сэнсе прыкладам можа быць графічны партрэт Якуба Коласа, адмыслова створаны слынным савецкім мастаком-партрэтыстам і ілюстратарам Анатолем Яр-Краўчанкам і выдадзены асобнай аўтарскай паштоўкаю ў Маскве ў 1974 годзе.
Да 1970-х гадоў сфармаваліся каноны савецкай беларускай паштовачнай тэматыкі, што, перадусім тычыліся каляндарнага цыклу савецкіх святаў – Новы Год, 23 лютага, 8 сакавіка, 9 мая, 7 лістапада… Хіба кожны мастак-графік у БССР, хоць бы раз ды зьвяртаўся да гэткіх святаў у жанры паштоўкі. З віншавальным поклічам 1971 “З Новым годам!”, былі паштоўкі аўтарства Ліпы Кроля, Ігара Крэйдзіка (1971), Ларысы Герлаван (1975), Наталлі Грамыка (1978) ды многіх іншых.
Новай тэмай святочных паштовак у БССР стаў Космас. Здзяйсненні касманаўтаў, фантастычная літатаратура захапілі зорнай тэматыкай і многіх беларусаў. Традыцыйна вялікі пласт займалі прынагодныя сюжэты да савецкіх святаў – «мужчынскага» 23 лютага і «жаночага» 8 сакавіка. Гэтыя сьвяты сталі ў святамі, адпаведна – усіх мужчынаў і усіх жанчынаў незалежна ад узросту. Тагачасныя аўтарскія паштоўкі адлюстроўвалі не толькі віншаванні дарослым прадстаўнікам пэўнага полу, але і віншаванні дзецям, з нагоды тых афіцыёзных святаў, у дзіцячым садку альбо ў школе. Пры тым, калі гэтыя «палавыя» сьвяты пашырылі свае ўзроставыя межы, то на аўтарскіх паштоўках да 23 лютага і 8 сакавіка паўсталі новыя інфантыльныя вобразы —героі казак, цацкі, жывёлы, і персанажы мультфільмаў. Вельмі вялікі пласт у гісторыі беларускай аўтарскай паштоўкі займае… мядзьведзь-сымбаль Алімпіяды-80 у Маскве. Яго можна было выкарыстоўваць, дазіруючы досціп, з мэтаю бачнасці гуманізацыі інфантыльных цацачных вобразаў, як гэта рабілі Юры Дзееў, Мікола Гаўрыловіч, Яўген Ціхановіч, ды іншыя, чые сэнтымэнтальныя плюшавыя зьвяры ўпрыгожылі безьліч віншавальных паштовак канца 1970-х і пачатку 1980-х гадоў.
Тымчасам у алімпійскім 1980 годзе ў Менску выйшла адна легендарная аўтарская паштоўка “1000 год Беларусі” з выяваю Пагоні. Яна была зроблена і адціснута Яўгенам Куліком у ягонай майстэрні -- слынным “На паддашку”. Гэтая аўтарская паштоўка патрапіла ў вольны сьвет, на Захад, дзе атрымала шырокую вядомасьць.
У галіне аўтарскай паштоўкі ў другой палове ХХ стагодзьдзя працавалі такія розныя беларускія мастакі, як Алег Арлоў, Уладзімер Басалыга, Яўген Бусел, Мікола Гаўрыловіч, Уладзімер Пашчасцеў, Янка Раманоўскі, Канстанцін Хацяноўскі, Арнольд Хількевіч ды іншыя. У другой палове 1980-х гадоў мастацтва аўтарскай беларускай паштоўкі дасягула свайго росквіту. Да жанру паштоўкі зьвяртаюцца многія славутыя творцы, гэткія напрыклад, як Мікола Селяшчук, які ў 1989 выдаў у выдавецтве “Беларусь” распрацаваў паштовыя карткі “З Новым Годам!” і “С праздником!", што вельмі ярка прадстаўляюць і аўтраскі стыль і агульную атмасферу гуманізацыі тагачаснага грамадзтва.
Ад часу “перестройкі” тэматыка аўтарскіх паштовак невераемна пашырылася, з’явіліся першыя недзяржаўныя выдаўцы. З канцом СССР, калі над Беларусяй зноў заззяла Пагоня, гэтым разам цалкам натуральна, як дзяржаўны гэрб, чый эталён зрабіў той самы Яўген Кулік у суаўтарстве з Уладзімерам Крукоўскім і Львом Талбузіным, падзел на не айчынныя і эміграцыйныя тэндэнцыі, вобразы і традыцыі, зьнік. Але зь Беларусі ня зьнікла тая плойма савецкіх сюжэтаў, што былі запачаткаваныя яшчэ ў далёкія савецкія часы.
Сяргей Харэўскі