​Пайшоў з жыцця Міхал Анемпадыстаў…

Пайшоў з жыцця Міхал Анемпадыстаў…

Сябра саюза БСД, сябра Рады БСД і проста сябра.

Нарадзіўся ў Мінску ў 1964 годзе, скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава, але ці адкажуць сухія біяграфічныя звесткі, кім ён быў для ўсіх нас?

Неяк ён казаў, што яго жыццёвай місіяй ёсць зрабіць жыццё лепшым, і на працягу жыцця ён ствараў лепшую Беларусь, як дызайнер працуе над праектам. Не толькі выбітны графік, дызайнер, мастак, але і паэт, словы якога пра простыя словы і простыя рэчы ведае, мабыць, кожны беларус. Аўтар “Народнага альбому” – першага супольнага беларускага музычнага праекта. Ды й не толькі яго. Аўтар тысячаў плакатаў, афіш, налепак, вокладак – таго, што надае належную форму адпаведнаму зместу. І многія не ведаюць пра яго аўтарства, бо Міхал не меў звычкі хваліцца сваімі дасягненнямі. Сціпласць, годнасць, тактоўнасць былі стылем яго жыцця.

Справай жыцця яго было і даследаванне “Колер Беларусі”, якое ён выдаў кнігай у 2017 годзе – адзіная пакуль спроба сфармуляваць ролю колеру ў беларускай культурнай традыцыі. Наведвальнікі Беларускага Калегіюму і Лятучага Універсітэту памятаюць яго як цудоўнага не лектара, а менавіта апавядальніка, які мог тымі самымі простымі словамі распавесці пра складаныя рэчы.

Разам з ім мы згубілі нешта важнае, што робіць нас народам.

Спачуванні Алене, родным і блізкім Міхала...