На 84 годзе пайшоў з жыцця Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч, Народны мастак Беларусі.
Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч нарадзіўся ў Мінску ў сям’і служачых у 1929 годзе. Ягоны бацька быў вайскоўцам (забеспячэнне войска). У часы Вялікай айчыннай вайны сям’я знаходзілася ў эвакуацыі. Вярнуліся на другі дзень пасля вызвалення. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1953), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1959). Працаваў у станковай і ўжытковай графіцы. Найбольшую вядомасць атрымалі яго кніжныя ілюстрацыі да шматлікіх твораў сусветнай і айчыннай літаратуры. Твор, да якога мастак звяртаўся найчасцей, гэта - “Фаўст” Ё.В. Гётэ. Да гэтага твору сусветнай літаратуры ён выканаў больш як 200 ілюстрацый. Хвалявалі мастака і праблемы сучаснасці. Шмат твораў было прысвечана тэме побыту чалавека і яго адчужанасці ў сучасным горадзе, пытанням маральнага выбару, праблемам экалогіі. У апошнія гады мастак рыхтаваў сваю выставу да 85-годдзя, у аснову якой была пакладзена серыя графічных лістоў, прысвечаных музыцы. Кожны графічны твор увасабляў адмысловы музычны тэмп, настрой. Выканаў аўтар некалькі прац паводле біблейскіх сюжэтаў. Быў поўны іншымі творчымі задумамі.
Зусім нядаўна ў 2012 годзе кніга экслібрысаў Арлена Міхайлавіча выйшла ў выдавецтве “Навуковы свет”. Мастак браў удзел асабіста ў прэзентацыі, прамаўляў. Цяжка паверыць, што Арлена Міхайлавіча не стала…
Выказваю свае самыя шчырыя спачуванні блізкім Арлена Міхайлавіча, жонцы – Людміле Аляксандраўне, сынам Ігару і Тодару.
Арлен Міхайлавіч быў цікавым суразмоўцам, адным з нешматлікіх карэнных мінчукоў, хто добра памятаў першыя пасляваенныя гады, цяжкасці побыту, звязаныя з адбудовай гораду, нямецкіх ваеннапалонных...Мастак вёў шматгадовую карэспандэнцыю са шматлікімі замежнымі калегамі. Яму давялося жыць некаторы час у Ісландыі. Унікальная прырода, людзі вельмі ўразілі ўжо сталага на той час чалавека. Мастак шчыра вітаў нацыянальнае адраджэнне Беларусі, незалежнасць. На лацкане пінджаку падчас публічных урачыстасцей быў прычэплены бел-чырвона-белы значок.
Арлен Міхайлавіч увасабляў сабой вельмі рэдкія рысы і чалавечыя якасці. Напэўна, хто ведаў яго блізка, ніколі не забудуць яго інтэлігентнасць, сціпласць, безканфліктнасць, добразычліваць. Вельмі спагадліва ставіўся да моладзі. Нягледзячы на свой узрост заставаўся вельмі чуткім і успрымальным да таго, што адбываецца навокал, у свеце. З такімі людзьмі сыходзіць цэлая эпоха, не толькі ў гісторыі айчыннага мастацтва… Вечная памяць!