Колеры Вялікай Перамогі

20 чэрвеня 2024 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) урачыста адкрыецца рэспубліканскі выставачны праект “Колеры Вялікай Перамогі”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праект арганізаваны Беларускмі саюзам мастакоў пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза архітэктараў.

Вялікая Айчынная вайна – адна з тых тэм, якая нікога не пакідае абыякавым. Гэта боль ўспамінаў ветэранаў, якія былі яе непасрэднымі удзельнікамі. Гэта памяць аб героях, падзеях, якія нельга забываць, у творах сучасных аўтараў. Беларускія мастакі гавораць пра Вялікую Айчынную вайну пранізліва, з болем, з пачуццём падзякі да тых, хто вынес усе нягоды на плячах, праўдзіва, з пазіцыі той цаны, якой дасталася нашаму народу Перамога.

Удзельнікі выставы “Колеры Вялікай Перамогі” – творцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны ўзнімаюць у сваіх работах тэму болю, які прыносіць народу вайна, крохкасці міру, тэму памяці пра тых, хто загінуў на франтах, хто вярнуўся і ўзнімаў жыццё на скалечанай навалаю зямлі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, тэкстыль, дэкратыўна-прыкладное мастацтва, плакаты, фотаздымкі манументальных помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Асобны праект выставы – “Азарычы. Чорныя зоры”, прымеркаваны 80-годдзю вызвалення вязняў нацысцкага лагера смерці “Азарычы”. 19 сакавіка 1944 года чырвонаармейцы 65-й арміі пад камандаваннем генерала арміі П. Батава вызвалілі вязняў канцэнтрацыйнага лагера ў Калінкавіцкім раёне. Лагер праіснаваў усяго 10 дзён. За гэты кароткі тэрмін тут загінулі больш як 20 тысяч старых, жанчын, дзяцей. Усяго ж гітлераўцы сагналі ў балоцістае месца непадалёк ад вёскі Азарычы больш за 50 тысяч чалавек, якія знаходзіліся ў нечалавечых умовах.

Праект аб’яднаў творчую групу гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. У ім панарамна разгорнутая тэма выкрыцця генацыду. Жывапісныя і графічныя работы не толькі раскрываюць старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ад якіх нават у самых стойкіх стыне кроў, але і захоўваюць памяць, заклікаюць не дапусціць паўтарэння здарэння. Уражанне ўзмацняецца дакументальнымі матэрыяламі: фатаграфіямі, успаміны былых вязняў.

У выставачным праекце бяруць удзел прадстаўнікі трох пакаленняў мастакоў Гомельшчыны. Кожны сваімі сродкамі ўступае ў дыялог з гледачом, не толькі выклікаючы ў яго пэўныя пачуцці, але і робячы яго датычным да асэнсавання важных гістарычных падзей.

У экспазіцыі выставы “Колеры вялікай Перамогі” можна пазнаёміцца таксама з работамі класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў, прысвечаным тэме жанчыны на вайне: трагедыі маці, што не дачакалася сваіх дзяцей дадому, самаадднанай барацьбе жанчыны на франтах вайны, подзвігу ў тыле.

У рамках выставы будуць прадстаўлены работы секцыі “Традыцыя” ГА “БСМ”, сярод сябраў якой шмат дзяцей ваеннага часу. Асобная экспазіцыя распавядае пра помнікі ваеннага часу (мемарыяльныя комплексы, манументальныя аб’екты, памятныя знакі), створаныя скульптарамі, членамі Беларускага саюза мастакоў, і архітэктарамі, членамі Беларускага саюза архітэктараў. Мастакі тэатра, кіно і тэлебачання прадставяць эскізы і макеты да фільмаў і тэатральных пастановак, знятых у апошняе дзесяцігоддзе па тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Важным складальнікам выставы з’ўляецца і агульная экспазіцыя сучасных аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. На ёй можна будзе пазнаёміцца з тэматычнымі карцінамі, краявідамі, партрэтамі, скульптурнымі кампазіцыямі, творамі керамікі, шкла і тэкстылю, арт-аб’ектамі. У гэтых работах гучыць памяць аб мінулай вайне, заклік да забароны ўсіх форм генацыду ў сучасным свеце.

У студзені 2022 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа” ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Гэта даніна павагі загінуўшым, бязвінна знішчаным грамадзянам нашай краіны. Выстава “Колеры Вялікай Перамогі” таксама гаворыць пра памяць, выяўляючы гэту тэму сродкамі мастацтва.

Сёння амаль не засталося мастакоў, якія самі перажылі вайну, генацыд ці халакост. Тое, з чым працуюць сёння аўтары, – гэта памяць пакалення, якое жыло да іх. Гэта – метафары, рэфлексіі на тэму гісторыі вайны, аповяд аб болі і душэўных траўмах, якія яна нясе. Працы нашых сучаснікаў часта валодаюць складанай сэнсавай нагрузкай, а іх назвы адсылаюць да літаратурных твораў. У сваіх творах мастакі інтэрпрэтуюць вобразы, падзеі, якія вызначаюць вельмі значную для беларускай гісторыі дату – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў.

Выстава працягнецца да 28 ліпеня.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).