Няпростыя рэчы. Віртуальны музей беларускага дызайну.
Пачаткам існавання інстытуцыйных форм дызайну ў Беларусі напэўна мы можам лічыць стварэнне кафедры прамысловага мастацтва і філіяла інстытута тэхнічнай эстэтыкі ў другой палове 1960-х гг. Адначасова на некаторых буйных высокатэхналагічных прадпрыемствах былі сфармаваны спецыялізаваныя канструктарскія бюро. Але ж даволі якасныя рэчы, якімі карысталіся беларусы, і ў тым ліку ўзоры так званага протадызайну ў выглядзе інструментаў і ўжытковых рамесных рэчаў, строяў ствараліся значна раней.
У пачатку 1990-х гг. Інстытутам тэхнічнай эстэтыкі была распачата спроба паказаць гісторыю развіцця беларускага дызайну ў гістарычным кантэксце. У выстаўнай зале “ВНИИТЭ” была арганізавана вялікая выстава з распрацоўкамі беларускіх дызайнераў сучаснасці, а таксама вытокаў дызайну. На жаль, выстава існавала нядоўга і з той пары спробы стварэння анталогіі беларускага дызайну не распачыналіся. Мы лічым, што настаў час вярнуцца да гэтых даследаванняў.